Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Наталляй Пінчук – жонкай Алеся Бяляцкага

01.05.2024 18:28
«Я захапляюся стойкасцю і мужнасцю Наталлі, і ўдзячная ёй за цёплую сустрэчу, падтрымку і магчымасць падзяліцца супольным болем».
Святлана Ціханоўская і Наталля Пінчук крыніца: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Наталляй Пінчук - жонкай Нобелеўскага лаўрэата, праваабаронцы Алеся Бяляцкага. «Я ўдзячная за цёплую сустрэчу, падтрымку і магчымасць падзяліцца супольным болем», – адзначыла абраная прэзідэнт. 

Святлана Ціханоўская і Наталля Пінчук – жонкі палітвязняў. Сяргей Ціханоўскі адбывае тэрмін у 19,5 года калоніі строгага рэжыму, Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў узмоцненага рэжыму. 

Як паведаміў Офіс Святланы Ціханоўскай, на закрытай сустрэчы жанчыны размаўлялі пра асабістае – лёсы мужоў, а таксама абмяркоўвалі шляхі да вызвалення палітвязняў і тое, як у гэтым можа дапамагчы міжнародная супольнасць. 

«Я захапляюся стойкасцю і мужнасцю Наталлі, і ўдзячная ёй за цёплую сустрэчу, падтрымку і магчымасць падзяліцца супольным болем. Пасля нашай размовы я ў чарговы раз упэўнілася ў тым, як важна працягваць распавядаць пра палітвязняў, дапамагаць ім і іх сем’ям усімі магчымымі спосабамі. Як бы ні было складана, важна працягваць працаваць – не толькі дзеля сваіх любімых, але і дзеля ўсіх беларусаў, якія, як і Сяргей і Алесь, знаходзяцца за кратамі», – так сустрэчу пракаментавала Ціханоўская.

вс