Беларуская Служба

Прэзідэнт Польшчы яшчэ не вырашыў, ці падпіша закон аб сілезскай мове

15.05.2024 18:03
«Я размаўляю на гэтую тэму з экспертамі і навукоўцамі», – сказаў Анджэй Дуда.
   .
Кнігі на сілезскай мове.Фота: wikipedia.org/Kamil Czaiński - Praca własna/CC BY 4.0

Прэзідэнт Анджэй Дуда яшчэ не вырашыў, ці падпіша закон аб сілезскай мове. Сенат прыняў законапраект тыдзень таму. Зараз дакумент надалей чакае подпісу прэзідэнта.

«Я размаўляю на гэтую тэму з экспертамі і навукоўцамі», – сказаў Анджэй Дуда падчас візіту ў Катары, дзе ён браў удзел у Эканамічным форуме:

- Калі ласка, памятайце, што большасць экспертаў, я кажу пра навукоўцаў, маюць адназначнае меркаванне, што ў Сілезіі ёсць шмат дыялектаў, на якіх размаўляюць жыхары паасобных гарадоў у Сілезіі. Гэта проста дыялекты, пераважна мясцовага характару, і гэта спецыфіка гэтай разнастайнасці Польшчы; мультыкультурнасці, якая вельмі цікавая і якая з’яўляецца нашым скарбам.
Згодна з законапраектам, сілезская мова можа быць прызнана рэгіянальнай. Каб гэта адбылося, законапраект павінен падпісаць прэзідэнт. Да такога рашэння нядаўна заклікаў Анджэя Дуду кіраўнік польскага ўрада.

Нагадваем, Дональд Туск паабяцаў прызнаць сілезскую мову рэгіянальнай яшчэ ў сакавіку мінулага года падчас візіту ў Сілезіі. Гэта было адно з абяцанняў прэм’ера на першых сто дзён працы новага ўрада ў Польшчы.

Прыняцце закона азначае магчымасць увядзення ў школах добраахвотных заняткаў па сілезскай мове і ўстаноўкі дзвюхмоўных дошак з назвамі гарадоў, у якіх больш за 20 працэнтаў жыхароў заяўляюць, што карыстаюцца сілезскай мовай.

Закон дазваляе таксама ўвесці двух прадстаўнікоў жыхароў, якія размаўляюць па-сілезску, у Абʼяднаны камітэт урада і нацыянальных і этнічных меншасцей.

IAR/аз