Беларуская Служба

Расія па-ранейшаму застаецца асноўным інвестарам у Беларусі

16.05.2024 15:42
Пастаянна павышаецца залежнасць Беларусі ад Расіі.
Доларыpixabay.com/CC0 Public Domain

Доля расійскіх інвестыцый у Беларусі ў студзені-сакавіку 2024 года склала 57,5 працэнта, паведамляе thinktanks.by.

Паводле звестак Белстата, за студзень-сакавік 2024 года ў рэальны сектар эканомікі замежныя інвестары ўклалі 2,8 млрд долараў.

Асноўнымі інвестарамі арганізацый Беларусі аказаліся суб'екты гаспадарання Расійскай Федэрацыі (57,5 працэнта ад усіх інвестыцый), Кіпра (13,5 працэнта) і Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў (9,8 працэнта).

Нагадаем, што ў 2023 годзе ў сектар эканомікі Беларусі замежныя інвестары ўклалі 7,7 млрд долараў, тады 66,7% інвестыцый прыпала на Расію. У 2021 годзе замежныя інвестыцыі ў Беларусь склалі 8,7 млрд. долараў, доля Расіі склала 42,6%.

Сама Беларусь за студзень-сакавік 2024 года накіравала за мяжу інвестыцый на суму 1,2 млрд. долараў. 91% ад усіх накіраваных інвестыцый прыпала на Расію.

яс